НАВАГРУ́ДСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ,
установа ордэна езуітаў у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. У 1626—31 місія, у 1631—1714 рэзідэнцыя, у 1714—73 калегіум. Сродкі на стварэнне місіі ахвяравалі Е.Галаўня і Я.Машынскі, першы кіраўнік місіі Я.Разнавольскі. Да сярэдзіны 18 ст. драўляныя збудаванні калегіума некалькі разоў знішчаліся пажарамі. Каля 1754 пабудаваны мураваны 3-нефавы касцёл, у 1752 — навуч. корпус. У 1649 у рэзідэнцыі адкрыты класы граматыкі, у 1653 — паэтыкі і рыторыкі. Пасля пераўтварэння рэзідэнцыі ў калегіум навуч. праграма адпавядала гэтаму тыпу навуч. устаноў. Каля 1680 адкрыта муз. бурса, у 1705 — канвікт (пансіён), у 1721 — аптэка. Была б-ка. Ў 18 ст. колькасць навучэнцаў складала ад 13 да 51 чал. У 1773 калегіум закрыты.
т. 11, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)